top of page

Латыши в белорусской истории: биографический справочник

Латышскі след на Беларусі (замест уводзін)
Яшчэ са школы мы засвойваем пастулат, што на беларускіх землях стагоддзямі мірна жылі прадстаўнікі розных нацыянальнасцей. Гэта прычынілася да выпрацоўкі такіх важных ментальных асаблівасцей беларусаў, як талерантнасць, гасціннасць, адкрытасць да супольнай працы. Аднак звычайна на гэтым нашыя веды пра шматнацыянальную Беларусь і заканчваюцца. Максімум мы яшчэ назавём ланцужок нацыянальнасцей, якія пражываюць на нашай зямлі, а найбольш спрактыкаваныя могуць узгадаць, што некалі ў БССР было нават чатыры дзяржаўныя мовы. І такі стан рэчаў адносна нармальны. Асобны чалавек, хай сабе і грамадзянін сваёй краіны, не павінен быць акадэмічным гісторыкам і ведаць усе акалічнасці і перапляценні падзей, якія здараліся з цягам часу ў тых мясцінах, дзе мы жывем. Аднак, з іншага боку, не менш нармальным з’яўляецца імкненне чалавека даведацца больш пра родны край, пра яго гістарычны лёс, пра людзей, якія рабілі свой уклад у яго развіццё.
 
Латышы і беларусы шмат у чым падобныя. Мы працяглы час жылі разам у адных дзяржавах, якія, праўда, у сваіх назвах не мелі нічога ні беларускага, ні латышскага – Вялікае княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, Расійская імперыя, СССР. Амаль адначасова ў нашых народаў адбывалася станаўленне нацыянальнай самасвядомасці і вылучэнне літаратурнай мовы. Жывучы побач з больш вялікімі (па колькасці) нацыямі, мы павінны былі знаходзіць шляхі пэўнага прыстасавання, каб самазахавацца і не знікнуць пад іх ціскам. Калі мы ўжо ўзгадалі колькаснае вымярэнне і яго наступствы, то можна адзначыць, што пэўны час беларусы ішлі некалькі наперадзе. Усё ж такі менавіта славяне адцяснілі балтаў на поўнач, продкі сучасных беларусаў раней стварылі ўласныя дзяржавы-княствы, мова, якую сёння называюць старабеларускай, была дзяржаўнай у ВКЛ. Аднак пазней латышы ўзялі пэўны рэванш. Засвойваючы перадавыя метады гаспадарання, яны ў XIX ст. стварылі ўмовы для больш хуткага сацыяльна-эканамічнага развіцця. У выніку пасля адмены прыгоннага права ў Расійскай імперыі пачалося масавае перасяленне латышоў у іншыя губерніі (у тым ліку беларускія), дзе яны набывалі ці арандавалі зямлю і пачыналі працаваць на ёй. У большасці ж беларусаў тады проста не было на гэта сродкаў. Цяпер ужо беларускі селянін прыглядаўся да латыша, каб нешта пераняць і засвоіць. Як сведчаць гістарычныя дакументы, у гэтым не было ні крыўды, ні зайздрасці, ні сутычак.
 
Па дадзеным Усерасійскага перапісу насельніцтва 1897 г. на тэрыторыі сучаснай Беларусі пражывала каля 20 тысяч латышоў. Іх колькасць значна павялічылася ў гады Першай сусветнай вайны, але потым пачала змяншацца. Перапіс 1926 г. зафіксаваў у БССР крыху больш за 14 тысяч латышоў (0,3%), што паставіла іх сярод нацыянальнасцей рэспублікі на 5 месца. Гады “вялікага тэрору” нанеслі значны адбітак на нацыянальны склад краіны, што выявілася па выніках перапісу 1939 г. (праведзены да далучэння Заходняй Беларусі): у БССР засталося 8 100 латышоў (0,15%), што перамясціла іх на 6 месца (на 5-е тады патрапілі немцы). У 1970 г. у БССР было толькі 2 660 латышоў (0,03%, 9 месца), а ў 2009 г. да латышоў аднеслі сябе 1 549 чалавек (0,02%, 17 месца).
 
Але самае галоўнае, што губляецца за лічбамі статыстыкі – гэта людзі. Мэтай дадзенага выдання як раз такі з’яўляецца “вяртанне” ў гісторыю, а з гісторыі ў сучаснасць асобнага чалавека, які жыў, працаваў, уздзейнічаў на навакольны свет. Мы выбралі толькі 33 асобы латышскага паходжання, якімі, канечне, не абмяжоўваецца “латышскі след” на нашай зямлі. Ёсць сярод іх дзяржаўныя дзеячы і дыпламатычная супрацоўнікі, святары і чэкісты, дзеячы культуры і навукоўцы, удзельнікі супраціўлення і калабаранты. Адны з іх стаялі ля вытокаў найноўшай беларускай дзяржаўнасці, садзейнічалі станаўленню многіх дзяржаўных структур. Іншыя працавалі на духоўнай ніве, апекаваліся праваслаўнымі, каталіцкімі, лютэранскімі суполкамі, развівалі культуру, адукацыю і навуку. Адны ратавалі людзей, дапамагалі патрапіўшым у бяду, а другія катавалі і выносілі смяротныя прысуды. Некаторыя амаль усё сваё жыццё прысвяцілі нашай краіне, а іншыя толькі пэўны час затрымаліся тут. Але галоўнае – яны паспелі пакінуць свой след. Пры гэтым мы не ставілі на мэту падзяліць усіх на добрых і злых. Гэта робіць гісторыя. Кожны народ мае сваіх “святых” і сваіх “Каінаў”. Ні беларусы, ні латышы тут не выключэнне. Мы імкнуліся паказаць разнастайнасць сфераў грамадскага жыцця, дзе сыны і дочкі латышскага народа прыкладалі свае намаганні для стварэння лепшага свету на беларускай зямлі (такога, якім яны яго бачылі).
 
Спадзяемся, што чытач знойдзе ў гэтай кнізе нешта цікавае і карыснае для сябе. Некаторыя факты будуць яму знаёмыя, а другія, магчыма, дазволяць па-іншаму паглядзець на гісторыю і сучаснасць нашай краіны. І аморфныя постаці латышоў, лёс якіх звязаны з Беларуссю, набудуць пэўныя абрысы, стануць больш уяўнымі і больш сваімі. Гэта дазволіць зразумець, што супольная праца людзей розных нацыянальнасцей, нягледзячы ні на якія штучныя перашкоды, здольная прывесці да стварэння адзінага, моцнага грамадства і пабудове мірнай, квітнеючай дзяржавы. Менавіта ў гэтым бачыцца галоўны пасыл беларускага разумення талерантнасці і адкрытасці.
bottom of page