Балтыйскі вектар у беларускай палітыцы ў 1916—1920 гг.
Ціхаміраў Аляксандр Валянцінавіч — кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага універсітэта.
РЭЦЭНЗЕНТЫ
-
Фральцоў Уладзіслаў Валер'евіч — кандыдат гістарычных навук, дацент кафедры міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага універсітэта;
-
Языковіч Ларыса Уладзіміраўна — кандыдат гістарычных навук, загадчык рэдакцыі гістарычных навук выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя» імя П. Броўкі.
Пытанне аб сувязі Беларусі з народамі Прыбалтыкі (менавіта Літвы і Латвіі) ў 1916—1920 гг. дасюль яшчэ не атрымала належнага гучання ў айчыннай і замежнай гістарыяграфіі. Між тым гэты перыяд быў вельмі важным у гісторыі беларускага народа і суседніх народаў Прыбалтыкі, бо менавіта тады гэтыя народы пачалі далучацца да міжнароднага дыялогу ў якасці суб’ектаў міжнародных адносін шляхам стварэння дзяржаўных устаноў. У сваю чаргу, узаемаадносіны паміж гэтымі ўстановамі заклалі асновы адносін Беларусі з Літвой і Латвіяй у больш познія часы. Зыходзячы з гэтага, аўтар артыкула ставіць мэту вызначыць месца балтыйскага вектара ў беларускай палітыцы ў разглядаемы перыяд, прааналізаваць формы ўзаемаадносін паміж беларускімі, літоўскімі і латвійскімі дзяржаўнымі ўстановамі і палітычнымі ўтварэннямі, вызначыць спецыфіку гэтых узаемаадносін і ацаніць вынікі палітычнага дыялогу ў кантэксце адбудавання беларускай дзяржаўнасці.
Трэба заўважыць, што ў пачатку ХХ ст. землі Беларусі і Прыбалтыкі ва ўмовах знаходжання ў Расійскай імперыі па сутнасці склалі адзіны гаспадарчы блок. Сетка чыгунак і шашы трывала звязвала беларускія гарады і мястэчкі з латвійскімі портамі, асабліва з Лібавай (Ліепаяй). Гістарычная сталіца Вялікага княства Літоўскага Вільня ў Расійскай імперыі працягвала выконваць функцыі адміністрацыйнага цэнтра, адкуль ажыццяўлялася кіраўніцтва Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Ковенскай, Магілёўскай і Мінскай губернямі. Адначасова «горад Гедыміна» стаў цэнтрам развіцця беларускай і літоўскай нацыянальных культур. Не чужымі для беларусаў былі і латвійскія землі — менавіта там нарадзіліся такія славутыя дзеячы беларускай культуры, як І. Буйніцкі, Дз. Жылуновіч, К. Кастравіцкі (Карусь Каганец), В. Ластоўскі, І. Луцкевіч, С. Палуян, Б. Эпімах-Шэпіла.
Першая сусветная вайна разбурыла ранейшую сістэму міжнародных адносін і стварыла перадумовы для выхаду Беларусі і прыбалтыйскіх краін на міжнародную арэну ў якасці самастойных суб’ектаў міжнароднага права. Разам з тым ва ўмовах умацавання пачуцця нацыянальнай годнасці на парадак дня паўстала пытанне, ці змогуць Беларусь і Прыбалтыка захаваць адзінства. У сувязі з гэтым можна заўважыць, што беларускія палітыкі першапачаткова выразна аддавалі перавагу захаванню адзінства з суседзямі ў Прыбалтыцы. Адпаведны падыход знайшоў адлюстраванне ў праекце Балтыйска-Чарнаморскага саюза, які быў распрацаваны братамі І. і А. Луцкевічамі ў Вільні ў 1916 г.
Адначасова рабіліся практычныя спробы адбудавання Беларуска-Літоўскай дзяржавы. Яшчэ ў снежні 1915 г. віленскія беларусы дамовіліся з літоўцамі аб уніі. Адпаведная дамоўленасць была канкрэтызавана ў лютым 1916 г. у праекце Канфедэрацыі Вялікага княства Літоўскага. У спецыяльнай адозве, прынятай з гэтай нагоды, гаварылася, што Канфедэрацыя Вялікага княства Літоўскага складаецца з Віленскай і Ковенскай губерні, беларускіх і літоўскіх частак Сувалкаўскай и Гродзенскай губерняў, літоўскай часткі Курляндыі і часткі Мінскай губерні, звязанай з Віленскім цэнтрам, але ў далейшым да яе змогуць далучыцца і іншыя землі з перавагай літоўцаў і беларусаў. Планавалася, што сталіцай канфедэрацыі стане Вільня, дзе збярэцца Устаноўчы сейм для распрацоўкі канстытуцыі новай дзяржавы [12, с. 7]. 21 мая 1916 г. Рада Канфедэрацыі Вялікага княства Літоўскага была пераўтворана ў Пастаянную літоўска-беларускую камісію.
Аднак ў тым жа годзе літоўцы, абапіраючыся на падтрымку нямецкай акупацыйнай адміністрацыі (з восені 1915 г. Вільня знаходзілася пад уладай немцаў), адмовіліся ад супрацоўніцтва з беларусамі і пачалі адбудову сваёй нацыянальнай дзяржавы. Гэты курс вельмі хутка стварыў напружанасць у беларуска-літоўскіх адносінах, бо літоўскія палітыкі планавалі далучыць да этнічна літоўскіх зямель Віленшчыну і Гродзеншчыну, спасылаючыся на тое, што адпаведныя вобласці некалі складалі ядро Вялікага княства Літоўскага (літоўцы разглядалі яго як выключна літоўскую дзяржаву). У 1917 і ў пачатку 1918 г. беларусы неаднаразова падкрэслівалі, што Віленшчына не з’яўляецца літоўскай па сваім нацыянальным складзе і таму ні ў якім разе не можа быць далучана да этнічнай Літвы. У 3-й Устаўнай грамаце, якую Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла 25 сакавіка 1918 г., падкрэслівалася, што Віленская і Гродзенская губерні з’яўляюцца неад’емнай часткай БНР. Больш дакладнае апісанне мяжы Беларусі з Літвой было змешчана ў дакуменце «Межы БНР», які быў складзены ў 1918 г. У гэтым дакуменце гаварылася, што мяжа з Літвой «пачынаецца каля Друскенік, накіроўваецца на поўдзень ад г. Араны да Воранава, якое знаходзіцца на 30 вёрстаў на поўнач ад Ліды, адгэтуль шырокаю дугою, ахопліваючы гарады Вільня і Новыя Трокі, празь вёскі: Альпенічы, Клечы, Высокі Двор, Кейтавішкі, Мусьнікі, Шырвінты і Дубнікі, — падыходзіць да горада Сьвенцяны, адкуль цераз ст. Гадуцішкі, г. Відзы і возера Дрысьвяты, — працягваецца да мястэчка Турмонты Нова-Александраўскага павету Ковенскай губ., які зьяўляецца пунктам зыходжаньня межаў Літвы, Беларусі і Курляндыі» [6, с. 110].
Пасля паражэння Германіі і яе саюзнікаў у Першай сусветнай вайне ў лістападзе 1918 г. прадстаўнікі Віленскай Беларускай Рады (беларускай грамадскай арганізацыі, створанай ў пачатку 1918 г.) і Тарыбы (літоўскай грамадскай арганізацыі, якая была створана ўвосень 1917 г. і разглядалася як часовы орган улады ў Літве) заключылі пагадненне аб уваходжанні часткі беларускіх зямель (пераважна Гродзеншчыны і Віленшчыны) у склад Літоўскай рэспублікі на правах аўтаноміі. Беларусы былі дапушчаны ў склад Тарыбы і атрымалі там 6 месцаў (25 %). Літоўскі ўрад абавязаўся забяспечваць недатыкальнасць заходніх межаў Беларусі і стварыць умовы для развіцця беларускай культуры і адукацыі на землях, што адыходзілі да Літвы. Ва ўрадзе Літвы з’явілася спецыяльнае міністэрства па беларускіх справах, кіраўніком якога стаў Я. Варонка (у пачатку 1919 г. міністэрства размясцілася ў Гродна). У лістападзе 1918 г. са згоды ўрада Літвы пачалося фарміраванне беларускіх вайсковых часцей, што разглядаліся як частка літоўскай арміі (працэсам фарміравання войска кіраваў генерал Ц. Кандратовіч). У студзені 1919 г. у склад літоўскай дэлегацыі, якая выехала ў Парыж на мірную канферэнцыю, быў уключаны беларускі прадстаўнік Д. Сямашка.
Увесну 1919 г. прадстаўнікі БНР падтрымлівалі літоўцаў на перагаворах з палякамі, патрабуючы перадаць у склад Літвы землі Віленшчыны і Гродзеншчыны. У чэрвені 1919 г. Д. Сямашка перадаў старшыні Парыжскай мірнай канферэнцыі мемарандум аб становішчы беларусаў у Літве. У гэтым мемарандуме гаварылася: «...Прадстаўнікі Беларускага народа працуюць у поўнай згодзе з урадам Літвы. Язэп Варонка нясе абавязкі Міністра па Беларускіх Справах у Літоўскім Кабінеце Міністраў, а Дамінік Сямашка дэлегаваны на Мірную Канферэнцыю Беларускім Нацыянальным Саветам, зацверджаны Літоўскім Урадам і ў цяперашні час з’яўляецца зусім раўнапраўным членам Літоўскай Дэлегацыі ў Парыжы. Літоўскі Урад у Беларускія паветы прызначае чыноўнікаў толькі па рэкамендацыі беларускіх арганізацый і ўстаноў (і кіруе з поўнага адабрэння народа). У сувязі з тым, што толькі поўнае роўнапраўе гарантуе асноўныя прынцыпы Канстытуцыі Літоўскай Дзяржавы і дае усім нацыянальнасцям магчымасць поўнага развіцця, Беларусы, якія здаўна насяляюць Літву, лічуць, што іх права на поўнае развіццё тым самым з’яўляюцца найлепей абароненымі Канстытуцыяй і спадзяюцца, што супрацоўніцтва і далейшае мірнае суіснаванне Беларусаў і Літоўцаў зробіць з Літвы квітнеючую дзяржаву і дазволіць ёй дасягнуць поўнага развіцця» [1, с. 353].
Але ў другой палове 1919 г. беларуска-літоўскія адносіны зноў пагоршыліся. Дзеячы БНР лічылі, што літоўцы не ўспрымаюць беларусаў як роўных партнёраў. Такі погляд, напрыклад, выказваў А. Луцкевіч, які ў верасні 1918 г. узначаліў урад БНР. 14 мая 1919 г. ён даручыў прадстаўніку Рады БНР П. Крачэўскаму ўзгадніць пазіцыі з літоўскім урадам па пытаннях знешняй палітыкі, арганізацыі беларускіх узброеных сіл і вызначэння тэрыторыі для фарміравання беларускага войска [3, с. 124]. Вынікі перагавораў, якія завяршыліся ў чэрвені 1919 г. , паказалі, што літоўцы не жадаюць улічваць пазіцыю беларусаў у сваёй палітыцы. «Аб Вільні, што яна этнаграфічна належыць да Беларусі і слухаць не хочуць, на супольную працу, каб зрабіць Вільню агульнай сталіцай, з сумесным соймам ня ідуць», — адзначаў П. Крачэўскі ў данясенні ўраду БНР [3, с. 122]. Таксама, па яго словах, літоўцы адхілілі прапанову аб арганізацыі беларускага войска [3, с. 122].
2 ліпеня 1919 г. урад БНР прыняў рэзалюцыю па адносінах з літоўцамі, дзе, у прыватнасці, гаварылася: «Прыймаючы пад увагу усе матэр’ялы аб адносінах да беларусаў як самога Ураду Літвы, так і яго прэдстаўнікоў за граніцай, Урад Б. Н. Р. прыходзіць да поўнага перакананьня, што праца і палітыка літвіноў у гэты момэнт вядзецца толькі к таму, каб аннэксаваць іскані беларускія землі Віленшчыны і Гродзеншчыны, Беларускі Урад прызваны праводзіць у жыцьцё пастановы як Ўсебеларускага Конгрэссу ў Менску 1917 г., так і Беларускага З’езду Віленшчыны і Гродзеншчыны ў Вільні 1919 г., стаячых цьвёрда на грунце непадзельнасьці і незалежнасьці Беларусі, ня можэ згадзіцца з такой шкадлівай для Беларусі палітыкай літвіноў і лічыць патрэбным усімі сіламі спыніць яе — а дзеля гэтага даручае свайму прэдстаўніку дзеля перагавораў з Літоўскім Урадам зьвярнуцца да апошняга з абаснаванай нотай і катэгорычным запытаньнем, — чы Літоўскі Урад думае і надалей вясьці такую жа здрадную палітыку у адносінах да Беларусі, не згаджаючыся на устанаўленьне цьвёрдых добрасуседзкіх адносін на аснове будаваньня супольнай Белар.-Літоўскай Дзержавы. У зьвязку з адказам Літоўскага Ураду, Беларускі Урад застаўляе за сабою права прыняць аканчацельныя крокі, якія будуць усецэла адпавядаць інтэрэсам беларускага народу у яго дзержаўных адносінах да Літвы» [1, с. 327].
21 ліпеня 1919 г. літоўскі міністр замежных спраў на сустрэчы з П. Крачэўскім заўважыў, што ўрад Літвы жадае падтрымліваць з Беларуссю «найпрыязнейшыя суседскія адносіны і гэтым пунктам погляду будзе кіравацца і ў адносінах да загранічнай палітыкі Беларускага Ураду». Таксама ён звярнуў увагу на тое, што літоўскі ўрад будзе лічыць беларускую армію «арміяй сяброўскай дзяржавы», але ў цяперашні момант не можа даць дазвол на яе фарміраванне на літоўскай тэрыторыі «з прычыны недахопу прадуктаў харчавання і істотнага спусташэння краіны падчас акупацыі» [1, с. 382]. П. Крачэўскі палічыў адказ літоўскага міністра фармальным і запатрабаваў ад яго адказаць на канкрэтныя пытанні:
«1) чы запраўды Літоўскі Урад хочэ анэксіраваць Городзеншчыну і Віленшчыну, як спакон векоў беларускія землі.
2) якую рэальна, а не на словах Літоўскі Урад можэ даць гарантыю найпрыязнейшых добрасаседскіх адносін да Беларускай Рэспублікі і
3) калі такія адносіны магчымы, то ў якой форме — федэрацыі, конфідэрацыі, чы іншэй яны могуць выявіцца» [1, с. 384].
Па ўсёй верагоднасці, беларусы не атрымалі ад літоўцаў належнага адказу. У канцы жніўня 1919 г. урад БНР на пасяджэнні ў Берліне пастанавіў ліквідаваць беларускія ўстановы пры літоўскім урадзе (у тым ліку Міністэрства па беларускіх справах), захаваўшы дыпламатычнае прадстаўніцтва БНР ў Літве [1, с. 425].
Ва ўмовах пагаршэння адносін з літоўцамі ўрад БНР паспрабаваў пашырыць кантакты з латышамі. У 1918 г. наладзіць беларуска-латвійскія адносіны перашкодзіла Германія (немцы выступалі супраць фарміравання латвійскай нацыянальнай дзяржавы), але ў 1919 г. перашкоды для стварэння незалежнай Латвіі былі зняты.
У жніўні 1919 г. у Рызе адкрылася консульства БНР, якое ўзначаліў К. Цярэшчанка (да яго прызначэння абавязкі консула БНР выконваў Б. Шымковіч), а трохі пазней — Я. Чарапук [1, с. 406]. У жніўні 1919 г. на сустрэчы з К. Цярэшчанкам міністр замежных спраў Латвіі паабяцаў падтрымаць дзейнасць беларусаў на міжнароднай арэне і перадаць пад кантроль урада БНР Люцынскі, Дрысенскі і Себежскі паветы Віцебскай губерні і, магчыма, Полацк пасля вызвалення іх з-пад улады бальшавікоў [1, с. 405—406].
У верасні 1919 г. у латвійскай сталіцы пачала дзейнічаць Вайскова-дыпламатычная місія БНР у Латвіі і Эстоніі, кіраўніком якой быў прызначаны К. Езавітаў. Місіі даручалася весці дыпламатычна-консульскую працу, заняцца фарміраваннем узброеных сіл і партызанскіх атрадаў для падтрымкі «зялёнага» руху на Віцебшчыне, наладзіць сувязі з Паўночна-Заходнім урадам Расіі (Юдзенічам) з тым, каб вымусіць яго прызнаць незалежнасць БНР. У снежні 1919 г. пры місіі былі створаны рэгістрацыйна-пашпартныя аддзелы ў Рэвелі (Таліне), Лібаве (Ліепаі) і Тамерфорсе (Тампэрэ) [1, с. 585]. Таксама місія мела свае прэс-бюро.
5 лістапада 1919 г. урад БНР дазволіў беларускім дыпламатычным прадстаўніцтвам у Латвіі набіраць беларусаў у спецыяльныя атрады ў складзе латвійскага войска [1, с. 471].
Стварэнне незалежнай Латвійскай дзяржавы, як і ў выпадку з Літвой, пацягнула за сабой тэрытарыяльныя спрэчкі з суседнімі народамі. У прыватнасці, дзеячам БНР не падабалася імкненне латвійскіх палітыкаў далучыць да сваёй дзяржавы Латгалію, дзе пражывала шмат беларусаў.
У сакавіку 1920 г. прадстаўнікі БНР і Латвіі правялі ў Рызе перагаворы аб тэрытарыяльным размежаванні паміж Беларуссю і Латвіяй (у склад дэлегацыі БНР уваходзілі Я. Чарапук, Г. Казячы, Б. Шымковіч, у склад дэлегацыі Латвіі — Ю. Фельдман і А. Швабэ [10, л. 2—4]). На перагаворах латышы патрабавалі, каб беларусы прызналі іх правы на Дзвінск, але прадстаўнікі БНР гэтыя патрабаванні адхілілі і заклікалі вырашыць спрэчнае пытанне шляхам апытання мясцовага насельніцтва. У рэшце рэшт удзельнікі перагавораў вырашылі адкласці спрэчкі да чарговага пасяджэння камісіі і падпісалі дакумент пад назвай «Асновы размежавання паміж БНР і Латвіяй», які прадугледжваў вызначэнне лёсу спрэчных тэрыторый на аснове нацыянальна-этнаграфічнага прынцыпу (пытанне аб прыналежнасці спрэчных тэрыторый павінна было вырашыцца шляхам плебісцыту), выплату кампенсацыі па ўзаемнай згодзе пры карэкціроўцы мяжы з улікам этнаграфічнага прынцыпу, вынясенне на разгляд міжнароднага суда пытанняў, па якіх бакі не маглі дасягнуць узаемнай згоды [10, л. 6].
Урад БНР зацвердзіў вынікі перагавораў з латышамі, але камісія больш не збіралася. Хутчэй за ўсё латвійскі ўрад палічыў больш перспектыўным вырашаць пытанні аб межах Латвіі дзяржавы шляхам дамоўленасці з іншымі, больш моцнымі і ўплывовымі дзяржавамі.
У 1920 г. міжнароднае становішча Прыбалтыйскіх дзяржаў істотна змянілася з прычыны актывізацыі дыялогу паміж імі і Савецкай Расіяй. У канцы 1918 г. РСФСР падтрымала працэс стварэння Савецкай Літвы (ў пачатку 1919 г. Савецкая Літва па загаду Масквы аб’ядналася з Савецкай Беларуссю) і Савецкай Латвіі (Ліфляндскай працоўнай камуны), маючы на мэце пашырыць свой уплыў на Прыбалтыку (узаемаадносіны Савецкай Беларусі з Савецкай Літвой і Савецкай Латвіяй патрабуюць дадатковага навуковага даследавання, але можна дакладна сцвярджаць, што свабода дзеянняў савецкіх рэспублік на міжнароднай арэне была вельмі абмежаванай як з прычыны агульнай сітуацыі грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі, так і з прычыны неразумення кіраўнікамі рэспублік складанасці пытанняў міжнароднай палітыкі).
Ва ўмовах абвастрэння грамадзянскай вайны і пашырэння польскай інтэрвенцыі кіраўніцтва Савецкай Расіі палічыла мэтазгодным адмовіцца ад планаў саветызацыі Прыбалтыкі. Увосень 1919 г. РСФСР афіцыйна прапанавала прыбалтыйскім дзяржавам і заключыць мірныя дагаворы. Першай мірны дагавор з Савецкай Расіяй падпісала Эстонія (мір быў заключаны ў Тарту 2 лютага 1920 г.). У сакавіку 1920 г. афіцыйную згоду пачаць мірныя перагаворы з РСФСР далі Латвія і Літва.
Савецка-латвійскія мірныя перагаворы пачаліся ў Маскве 14 красавіка 1920 г. На пасяджэнні мірнай канферэнцыі 21 красавіка 1920 г. латвійская дэлегацыя запатрабавала ад Савецкай Расіі перадаць у склад Латвіі Апачэцкі, Себежскі і Дрысенскі паветы, якія дагэтуль знаходзіліся ў Віцебскай губерні, але кіраўнік дэлегацыі РСФСР А. Іофэ адхіліў гэту прапанову, спаслаўшыся на тое, што ў адпаведных раёнах латышы складаюць меншую частку насельніцтва. На чарговым пасяджэнні мірнай канферэнцыі пытанне аб прыналежнасці Дрысенскага павету было разгледжана больш грунтоўна. Дэлегацыя РСФСР даказвала, што жаданне латышоў далучыць Дрысенскі павет супярэчыць прынцыпу права нацый на самавызначэнне, бо павет заселены пераважна палякамі і беларусамі, і настойвала на правядзенні там плебісцыту пры ўмове папярэдняга вываду адтуль усіх замежных войск. Прадстаўнікі Латвіі пагаджаліся з тым, што Дрысенскі павет не з’яўляецца латышскім па нацыянальным складзе, але спасылаліся на тое, што пераход яго ў склад Латвіі забяспечыць яе ад пагроз звонку. У выпадку саступкі яны абяцалі адмовіцца ад далучэння Апачэцкага і Дрысенскага паветаў [8]. У пачатку мая 1920 г. латвійскі бок пагадзіўся правясці плебісцыт у Дрысенскім павеце, але гэтым разам ад сваёй прапановы адмовілася Савецкая Расія. У чэрвені 1920 г. удзельнікі перагавораў вырашылі зняць пытанне аб прыналежнасці Дрысенскага павету да змены становішча на савецка-польскім фронце [14, с. 164].
Падобная сітуацыя назіралася на мірных перагаворах паміж РСФСР і Літвой, якія таксама пачаліся ў Маскве 7 мая 1920 г. На перагаворах літоўцы патрабавалі ад РСФСР прызнаць правы Літвы на Ковенскую, Віленскую, Гродзенскую, Сувалкаўскую губерні, Навагрудскі павет Мінскай губерні, часткі Ілуксцкага і Гробінскага паветаў Курляндскай губерні. Савецкая дэлегацыя пагаджалася з прапановай далучыць да Літвы Вільню і Віленскую вобласць, але лічыла тэрытарыяльныя патрабаванні літоўцаў празмернымі. 15 мая 1920 г. савецкая дэлегацыя паказала літоўцам этнаграфічную карту, на якой літоўскімі абазначаліся толькі землі Сувалкаўскай, Ковенскай і заходняй часткі Віленскай губерні (без Вільні). Прадстаўнікі РСФСР лічылі, што літоўская граніца павінна прайсці ад возера Дрысвяты да Пастаў, далей да р. Вілія, потым да Ашмян і далей, праз Дзевянішкі і Дубічы, да чыгункі Гродна — Вільня. 21 мая дэлегацыя РСФСР прапанавала стварыць змешаную камісію для разгляду пытання аб граніцах паміж Савецкай Расіяй і Літвой, але літоўская дэлегацыя гэту прапанову не падтрымала [9, с. 124].
У ліпені 1920 г. Савецкая Расія і Літва вырашылі завяршыць мірныя перагаворы і 12 ліпеня 1920 г. падпісалі у Маскве мірны дагавор. Гэты дакумент прадугледжваў безагаворачнае прызнанне РСФСР самастойнасці і незалежнасці Літвы, урэгуляванне маёмасных, фінансавых і эканамічных пытанняў паміж падпісаўшымі яго дзяржавамі. Абодва бакі абавязаліся не дапускаць знаходжання на тэрыторыі сваіх дзяржаў арганізацый і груп, дзейнасць якіх была накіравана супраць іншага боку. РСФСР афіцыйна прызнала ўваходжанне ў склад Літвы Вільні і часткі зямель, якія засялялі беларусы (у склад Літвы фармальна пераходзілі Гродна, Паставы, Браслаў, Ашмяны, Ліда). Перадаўшы Літве частку этнічна беларускай тэрыторыі, урад Савецкай Расіі прызнаў правы літоўцаў на вырубку лесу на плошчы 100 тыс. дзесяцін у раёнах, што прылягалі да літоўскіх граніц [7, с. 38].
Кіраўніцтва РСФСР нават прапанавала літоўцам самім вызваліць Вільню ад палякаў, але тыя адмовіліся [9, с. 126—127]. 14 ліпеня 1920 г. Вільню заняла Чырвоная армія, але 27 жніўня 1920 г. горад быў перададзены літоўцам.
11 жніўня 1920 г. завяршыліся мірныя перагаворы паміж РСФСР і Латвіяй. У падпісаным у Рызе мірным дагаворы Савецкая Расія і Латвія спынілі баявыя дзеянні, абавязаліся ўстанавіць паўнавартасныя дыпламатычныя і консульскія адносіны, забараніць знаходжанне на сваіх тэрыторыях войск трэціх дзяржаў, што знаходзіліся ў стане вайны з якім-небудзь з дагаворных бакоў, не дапускаць стварэння і знаходжання на сваіх тэрыторыях арганізацый і груп, дзейнасць якіх была накіравана супраць аднаго з бакоў. У якасці падзякі за мір Савецкая Расія перадала Латвіі Дзвінскі (з гэтага часу Дзвінск атрымаў латышскую назву Даўгаўпілс), Ілукштанскі, Дрысенскі, Люцынскі і Себежскі паветы, дзе пражывала каля 150 тыс. беларусаў [13, с. 6].
Падпісанне мірнага дагавора паміж РСФСР і Літвой першапачаткова абурыла беларускіх палітыкаў. У звароце, які ўрад БНР 22 ліпеня 1920 г. накіраваў урадам РСФСР, Літвы, Мірнай канферэнцыі ў Парыжы, «усім дзяржавам і культурным народам свету», падкрэслівалася, што гэты мірны дагавор парушае «самым грубым чынам нацыянальныя, культурна-эканамічныя і суверэнныя правы беларускага народа», бо падзяляе гістарычныя і этнаграфічныя землі Беларусі. Складальнікі дакумента падкрэслівалі, што ўрад БНР не прызнае ўмоў дагавора ў частцы, якая закранае Беларусь, і патрабавалі пераглядзець іх з улікам жадання беларускага народа мець суверэнную і незалежную беларускую дзяржаву ў этнаграфічных межах. Супярэчнасці паміж Беларуссю і Літвой яны прапаноўвалі ўрэгуляваць шляхам правядзення ў спрэчных раёнах плебісцыту [7, л. 62].
Увосень 1920 г., пераканаўшыся ў тым, што замежныя дзяржавы не жадаюць падтрымаць БНР, яе кіраўнікі пачалі ставіцца да далучэння часткі беларускіх зямель да Літвы больш спакойна. 7 верасня 1920 г. на сходзе прадстаўнікоў Беларускай Рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні і іншых беларускіх арганізацый было вырашана падтрымаць савецка-літоўскі мірны дагавор пры ўмове, што беларускія землі ў складзе Літвы атрымаюць аўтаномію, а літоўцы дадуць згоду на ўтварэнне часовай Краёвай Рады з прадстаўнікоў усіх нацыянальнасцей, што пражываюць на спрэчных тэрыторыях, і прызначаць на пасаду міністра па беларускіх справах у літоўскім урадзе асобу, якой давярае ўсё беларускае грамадзянства [11, л. 237].
У кастрычніку 1920 г. да згоды з беларусамі схілілася і літоўскае кіраўніцтва, бо ў выніку мяцежу Жалігоўскага Літва фактычна страціла Віленшчыну і іншыя беларускія землі.
11 лістапада 1920 г. урады БНР і Літвы падпісалі ў Коўна (Каўнасе) дагавор аб супрацоўніцтве. Па ўмовах дагавора літоўскі ўрад афіцыйна прызнаў урад БНР на чале з В. Ластоўскім і даў яму і Прэзідыуму Народнай рады БНР сховішча на правах экстэрытарыяльнасці. Урад БНР абавязаўся падтрымліваць літоўскі ўрад у яго барацьбе за вызваленне Віленскай тэрыторыі ў межах, якія вызначыў мірны дагавор паміж РСФСР і Літвой ад 12 ліпеня 1920 г., дабівацца з’яўлення ў дзяржаўных органах, выбіраемых палякамі, прыхільнікаў беларуска-літоўскага адзінства, устанавіць кантакт з прадстаўнікамі іншых народаў ва ўсходняй частцы Польшчы дзеля стварэння адзінага антыпольскага фронта (у першую чаргу, з украінцамі), спрыяць «найцяснейшаму збліжэнню беларускага і літоўскага насельніцтва на граніцах тэрыторіі, вызначанай дагаворам ад 12 ліпеня 1920 г.» [3, с. 217]. Літоўскі ўрад прызнаваў права беларусаў на выданне газет, друкаванне літаратуры, стварэнне школ, арганізацыю ўзброеных атрадаў і абяцаў прадаставіць беларусам фінансавую і дыпламатычную падтрымку і захаваць Міністэрства па беларускіх справах. У выпадку пераходу Віленшчыны пад кантроль Літвы ўрад БНР абавязаўся спрыяць «стрымліванню беларускага насельніцтва гэтай вобласці ад варожых да Літоўскай Рэспублікі дзеянняў» [3, с. 217].
Адразу ж пасля падпісання дагавора ўрад Літвы накіраваў на імя В. Ластоўскага ліст з абяцаннем, што ў выпадку згоды насельніцтва Віленшчыны і Гродзеншчыны на тое, каб застацца ў складзе Літвы пры магчымым галасаванні пад даглядам Лігі нацый, адпаведныя тэрыторыі абавязкова атрымаюць аўтаномію і будуць знаходзіцца ў складзе літоўскай дзяржавы «толькі на аснове федэрацыі» [5, с. 263].
Мірны дагавор паміж РСФСР і Латвіяй моцнага супраціўлення з боку беларусаў не выклікаў. Па-першае, ён адрываў параўнальна невялікую частку беларускіх зямель, па-другое, беларускія палітыкі лічылі, што латышы ставяцца больш прыязна да справы адраджэння самастойнай Беларусі, чым літоўцы.
Нягледзячы на разыходжанні адносна вызначэння дзяржаўных межаў, беларусы імкнуліся ўзмацніць сувязі з прыбалтыйскімі дзяржавамі. Думкі аб непадзельнасці лёсу Прыбалтыкі і Беларусі, жаданне стварыць адзіны эканамічны блок неаднаразова праводзіліся ў дыпламатычных дакументах БНР. У 1919 г. на Парыжскай мірнай канферэнцыі прадстаўнікі Беларускай Народнай Рэспублікі звярнуліся да кіраўнікоў створанай там Балтыйскай камісіі з просьбай прыняць да ўвагі інтарэсы Беларусі, спаслаўшыся на яе сувязь з Балтыйскім морам. Аднак просьба беларусаў была адхілена са спасылкай на тое, што Літва, Латвія і Эстонія знаходзяцца ў сферы ўплыву Вялікабрытаніі, а Беларусь — у сферы ўплыву Францыі [4].
Яшчэ адна спроба далучыцца да прыбалтыйскіх дзяржаў была зроблена беларускай дыпламатыяй у 1920 г. Звязана яна была са скліканнем у Рызе чарговай сустрэчы прадстаўнікоў дзяржаў Прыбалтыкі (такія сустрэчы пачалі праводзіцца з 1919 г.), на якой таксама прысутнічалі прадстаўнікі Польшчы і Фінляндыі.
Беларускія палітыкі праявілі да адпаведнай сустрэчы вялікую цікавасць. 8 ліпеня 1920 г. старшыня ўрада БНР В. Ластоўскі даручыў К. Езавітаву дабіцца допуску прадстаўнікоў БНР на Рыжскую канферэнцыю [2, л. 16]. 29 ліпеня 1920 г. К. Езавітаў накіраваў зварот Прэзідыуму Рыжскай канферэнцыі, дзе звярнуў увагу на тое, што Беларусь цесна звязана з Балтыйскім морам і злучае Балтыку з Чорным морам і, такім чынам, адсутнасць беларусаў на канферэнцыі парушае права беларускага народа на самавызначэнне [2, л. 19, 29—32]. Зварот беларусаў быў перададзены старшыні канферэнцыі прэзідэнту Латвіі К. Улманісу і міністру замежных спраў Латвіі Мееровіцу. Латышы заявілі, што гатовы падтрымаць беларускую прапанову, але беларусы на пасяджэнні канферэнцыі будуць дапушчаны толькі пры ўмове згоды ўсіх удзельнікаў рыжскай сустрэчы. Калі адпаведнае пытанне было даведзена да краін, прадстаўнікі якіх сабраліся ў Рызе, у падтрымку беларусаў выказаліся палякі, фіны і эстонцы, але супраць выступілі літоўцы. Такім чынам прадстаўнікі БНР на канферэнцыю дапушчаны не былі [2, л. 36 адв.].
Такім чынам, балтыйскі вектар у 1916—1920 гг. меў вялікую значнасць для беларускіх палітыкаў. Неабходнасць цеснай сувязі з Прыбалтыкай абгрунтоўвалася спасылкамі на геаграфічную, гістарычную і культурную блізкасць беларусаў з літоўцамі і латышамі. Спробы ажыццявіць палітычную інтэграцыю з прыбалтыйскімі дзяржавамі ў выглядзе федэрацыі ці міждзяржаўнага саюза з беларускага боку былі даволі настойлівымі, але літоўскія і латвійскія палітыкі выступалі супраць гэтага і аддавалі перавагу адбудаванню нацыянальных дзяржаў з далучэннем да іх асобных зямель з перавагай беларускага насельніцтва (літоўцы імкнуліся далучыць да сваёй дзяржавы Гродзеншчыну і Віленшчыну, латышы — Латгалію з Дзвінскам). Грунтоўныя разыходжанні паміж бакамі перашкодзілі аб’яднанню Беларусі з дзяржавамі Прыбалтыкі ў супольны палітычны і эканамічны блок, але адначасова спрыялі ўмацаванню пазіцый прыхільнікаў поўнай незалежнасці Беларускай дзяржавы.
ЛІТАРАТУРА
1. Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі: зб. дак. Т. 1, кн. 1-2. Вільня; Нью-Ёрк; Менск; Прага: Таварыства бел. пісьменства «Наша ніва», 1998.
2. Дакументы аб скліканні і правядзенні эканамічна-фінансавай канферэнцыі прыбалтыйскіх дзяржаў у Рызе // Нац. архіў Рэсп. Беларусь. Фонд 325. Воп. 1. Спр. 108.
3. Знешняя палітыка Беларусі: зб. дак. і матэрыялаў. Т. 1 (1917—1922 гг. ). Мінск: БелНДІАС, 1997.
4. Інтэрв’ю старшыні ўрада БНР Антона Луцкевіча газеце «Беларускае жыцьцё» // Бел. жыцьцё. 1919. 6 кастр.
5. Коўкель, І. Польска-літоўскі канфлікт і роля ў ім беларускіх палітычных партыяў і арганізацыяў (1920—1923 гг. ) // Беларусіка-Albaruthenica. Кн. 3. Мінск: Навука і тэхніка, 1994. С. 259—269.
6. Мазец, В. Г. Межы БНР // Спадчына. 1993. № 2. С. 111.
7. Мемарандум урада БНР, пратэст Рады БНР ад 22 ліпеня 1920 г. у сувязі з умовамі заключэння міра паміж Расіяй і Літвой // Нац. архіў Рэсп. Беларусь. Фонд 325. Воп. 1. Спр. 98.
8. Мирные переговоры делегаций РСФСР и Латвии // Известия ВЦИК. 1920. 22 апреля; 24 апр.
9. Навицкас, К. Литва и Антанта (1918—1920 гг.). Вильнюс: Минтис, 1970.
10. Пратаколы пасяджэнняў Беларуска-Латвійскай пагранічнай камісіі // Нац. архіў Рэсп. Беларусь. Фонд 325. Воп. 1. Спр. 114.
11. Рапарты Вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі // Там жа. Спр. 59.
12. Рэфэрат беларускай дэлегацыі на Лазанскай канферэнцыі нацый // Свабода. 1990. № 2. С. 1—4.
13. Смоліч, А. Географія Беларусі. Мінск: Беларусь, 1993.
14. Чичерин, Г. В. Статьи и речи по вопросам международной политики. М.: Изд-во социал.-экон. лит., 1961.
Источник: Журнал международного права и международных отношений. — 2006. — № 1.