top of page
Этнічныя меншасці Беларусі: вопыт сацыяльнай трансфармацыі ў XIX — пачатку XX ст.
Захаркевіч, С. А. Этнічныя меншасці Беларусі: вопыт сацыяльнай трансфармацыі ў XIX–пачатку XX ст. / С. А. Захаркевіч // Працы гістарычнага факультэта БДУ: навук. зб. Вып. 4 / рэдкал.: У. К. Коршук (адк. рэд.) [і інш.]. — Мінск: БДУ, 2009. ― С. 242–249
Этнічныя меншасці Беларусі да сённяшняга часу застаюцца малавывучаным аб’ектам у айчыннай гістарыяграфіі. Пры наяўнасці шэрагу прац па асобных этнічных групах фактычна адсутнічаюць абагульняючыя даследаванні, у якіх яны разглядаліся б як адзіны, даволі складаны для разумення феномен.
Этнічныя меншасці з’явіліся на Беларусі ў XIV—XVIII ст. Характэрнай рысай гэтага перыяду было стварэнне пэўнага балансу інтарэсаў беларускага этнасу і мігрантаў у выглядзе комплексу прававых актаў, вызначыўшых іх стан. Аднак у другой палове XVIII ст. этнічныя меншасці Беларусі заставаліся традыцыйнымі групамі, якія збераглі грамадскія мадэлі XIV—XVI ст. і ўжо не адпавядалі сацыяльнапалітычным і эканамічным памкненням Рэчы Паспалітай. Першыя крокі па мадэрнізацыі гэтых груп былі зроблены ў адносінах да яўрэяў у другой палове XVIII ст.: у 1764 г. быў распушчаны Ваад — яўрэйскі сойм; забаронены кагал; зроблена спроба рэфармаваць умовы жыцця [3, с. 7].
Аднак чаканага эфекту ўлады не атрымалі. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, калі этнічныя меншасці Беларусі апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, мадэрнізацыя гэтых груп стала праблемай расійскіх улад, якія не выпрацавалі адзіны падыход да гэтай праблемы, таму мадэрнізацыйныя праграмы ў дачыненні да этнічных суполак неабходна разглядаць паасобку.
У Расійскай імперыі значную колькасць складалі яўрэі. Менавіта яны вызывалі асаблівую ўвагу ўлад і з’яўленне так званага «яўрэйскага пытання». Першапачаткова правячая эліта Расіі не мела ніякага вопыту камунікацыі з яўрэямі; веданне паўсядзённасці яўрэйскага побыту амаль адсутнічала. Існавалі страхі і варожасць да іх праз прызму перажытай у XV—XVIII ст. ерасі жыдоўствуючых [6, с. 97]. Першыя крокі ўладаў былі непаслядоўнымі. З аднаго боку, працягвалася польская традыцыя разглядаць яўрэяў як асобны стан. Гэта праявілася ва ўвядзенні аднолькавага для ўсіх яўрэяў падатку. З другога боку, быў зноў створаны кагал, які закансерваваў сацыяльныя адносіны гэтай групы фактычна на стагоддзе. На думку С. Дубнова, аб «рускім яўрэйстве» можна гаварыць толькі з 1870-х гг.; да гэтага часу яны заставаліся хутчэй «польскімі яўрэямі» [4, с. 306].
Яўрэі былі геаграфічна абмежаваны пражываць па ўсёй терыторыі імперыі. У 1791, 1794, 1795 гг. была створана так званая «мяжа аседласці», якая на працягу ўсяго стагоддзя то змяншалася, то павялічвалася і напрыканцы XIX ст. склала 15 губерняў. Першапачаткова ўваход у Расійскую імперыю не аказаў моцнага ўплыву на традыцыйны ўклад жыцця яўрэяў. Яны працягвалі жыць кагаламі, зберагаючы ўсе рэлігійныя традыцыі. Аднак частковыя перамены ў грамадскім жыцці былі відавочны. Падчас падзелаў Рэчы Паспалітай невялікая частка заможных яўрэяў перажыла моцны працэс акультурацыі. У 1803 г. з’яўляецца першая яўрэйская кніга на рускай мове Іуды Лейбы Невахавіча [6, с. 104].
Масавыя культурныя змены пачаліся пасля адмены кагальнай сістэмы кіравання ў 1844 г. і стварэння новай сістэмы яўрэйскай адукацыі. Менавіта змены ў сістэме адукацыі яўрэяў стварылі падмурак для сацыяльнай трансфармацыі кансерватыўнай этнічнай групы. У 1864 г. створаны новы ўстаў гімназій і прагімназій, які дазваляў вучыцца яўрэям бех абмежаванняў. Вынікам гэтага стаў адыход значнай часткі яўрэяў ад старажытных традыцыйных норм жыцця і ўспрыманне еўрапейскіх норм гарадской культуры (Гаскала). Аднак на рубяжы 80—90-х гг. у расійскай грамадскай думцы ствараецца яўрэйскі «вобраз ворага» — яўрэя-драпежніка. Па краіне прайшла хваля пагромаў, назіраўся хуткі рост эміграцыі. Адбываецца масавы ўдзел яўрэяў у рэвалюцыйным руху. Цяжкасці прынесла і сусветная вайна. Ваенныя ўлады высялялі яўрэяў з прыфрантавой паласы.
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. «мяжа аседласці» была адменена і яўрэі ў вялікай колькасці рассяляюцца па ўсёй тэрыторыі былой Расійскай імперыі. У дачыненні да іншых этнічных меншасцей Беларусі расійскія ўлады не распрацоўвалі спецыяльных праектаў мадэрнізацыі і інтэграцыі ў імперскае грамадства. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай міграцыйныя хвалі на тэрыторыю Беларусі працягваліся і ў асноўным былі звязаны са стараабрадцамі. Іх колькасць да 1914 г. дасягнула 100 тыс. чалавек. Паралельна разгарнуўся новы міграцыйны паток. Расійскія ўлады з мэтай узмацнення сваго ўплыву ў Беларусі пасля падаўлення нацыянальна-вызваленчых рухаў фарміравалі новую мясцовую адміністрацыю толькі з рускага дваранства, запрошанага з Расіі. За другую палову XIX ст. рускае насельніцтва Беларусі павялічылася ў некалькі разоў і дасягнула лічбы 300 тыс. чалавек [2, с. 17].
Працэс уваходжання беларускай шляхты ў польскую культурную прастору стаў асаблівай крыніцай павелічэння колькасці палякаў на тэрыторыі Беларусі ў XVII — першай палове XIX ст. [1, с. 12]. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай (асабліва пасля нацыянальна-вызваленчых рухаў 30—60-х гг. XIX ст.) расійскія ўлады рэалізавалі шэраг мерапрыемстваў, якія мелі мэтай нейтралізацыю польскага ўплыву. Доля палякаў у агульным складзе насельніцтва Беларусі на працягу другой паловы XIX ст. прыкметна знізілася (з 270 да 134 тыс. чалавек). Менавіта ў гэты час павялічылася колькасць тых, хто пачаў лічыць роднай беларускую мову. У пачатку ХХ ст., пасля адмены ў 1905 г. забароны на пераход з адной канфесіі ў другую, на тэрыторыі Беларусі (пераважна ў яе заходніх частках) адбылася новая змена этнічнай свядомасці і ідэнтыфікацыі [1, с. 13].
Асноўны прыток украінскага насельніцтва з яскравай украінскай самасвядомасцю трапіў на ХІХ — канец ХХ ст. Паводле перапісу 1897 г. украінцы складалі 22,6 % насельніцтва Гродзенскай губерні, многа іх было ў Кобрынскім і Брэсцкім паветах. У пачатку ХХ ст. вялікая колькасць украінцаў пражывала ў Пінскім, Кобрынскім, Брэсцкім, Гомельскім, Рэчыцкім, Слуцкім, Бабруйскім і Быхаўскім раёнах.
Масавая міграцыя латышоў на тэрыторыю Беларусі пачалася ў XVIII ст., найбольш інтэнсіўна працэс ішоў у 60—80-я гг. ХІХ ст.: у 1870 г. на Беларусі было 800—900 латышскіх перасяленцаў, у 1877—1883 гг. у Віцебскай губерні латышы ўжо складалі каля 50 % усіх перасяленцаў [7, с. 78]. Латышскія перасяленцы ўтваралі асобныя вёскі на Магілёўшчыне, хутары на Віцебшчыне. У 1897 г. шмат латышоў жыло ў Віцебскім (каля 4 тыс.), Полацкім (1,7 тыс.), Аршанскім (да 3,7 тыс.) і Быхаўскім (каля 1 тыс.) паветах.
Актыўная міграцыя літоўцаў на тэрыторыю сучаснай Беларусі адбываецца ў другой палове ХІХ ст. (70— 90-я гг.). Паводле перапісу 1897 г. значныя кампактныя групы літоўцаў жылі ў Лідскім (17 285 чал.), Ашмянскім (8754 чал.), Гродзенскім (2814 чал.), Аршанскім (прыкладна 1400 чал.) і іншых паветах. Мігранты сяліліся асобнымі вёскамі і займаліся земляробствам і рознымі промысламі (дрэваапрацоўкай, ткацтвам, пчалярствам і інш). Перад Першай сусветнай вайной на Беларусі пражывала больш за 20 тыс. літоўцаў. Аднак падчас Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў колькасць літоўцаў на Беларусі значна скарацілася.
Да XIX ст. міграцыя немцаў на Беларусь была нязначнай. Вялікая група нямецкіх сялян пасялілася ў 1563 г. каля Буга і стварыла свае вёскі, да якіх пазней накіроўваліся шматлікія перасяленцы. У Брэсцкім ваяводстве ўзнік царкоўны прыход Нойдорф-Нойбау, дзякуючы якому нямецкія сяляне падтрымлівалі сувязь з роднай культурай. Да канца XVIII ст. гэтыя паселішчы распаўсюдзіліся да Кобрына. Значная колькасць немцаў пасялілася ў Віцебскай губерні.
Другая хваля міграцыі немцаў назіралася ў другой палове ХІХ ст. і працягвалася да пачатку Першай сусветнай вайны. За гэты перыяд адбыліся тры масавыя хвалі нямецкай міграцыі на Беларусь. Да канца ХІХ ст. у Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губернях жыло каля 50 тыс. немцаў. Паводле перапісу 1897 г. іх налічвалася 49 073 чалавек (0,49 % супольнага насельніцтва Беларусі) [1, с. 12].
На рубяжы стагоддзяў назіралася міграцыйная хваля немцаў на Палессе з Валыні. Нямецкія каланісты набывалі зямлю ў Палессі (сучасныя Нараўлянскі, Ельскі, Лельчыцкі раёны Гомельскай вобласці). Памешчыкі Беларусі давалі ў арэнду немцам зямлю і хавалі іх ад уладаў, каб не выплачваць падаткі.
У час Першай сусветнай вайны колькасць нямецкіх каланістаў Беларусі значна змяншаецца. Гэта звязана з дэпартацыяй немцаў з прыфрантавой зоны ў Сібір. З 1897 па 1917 г. колькасць нямецкага насельніцтва Беларусі паменшылася з 50,8 тыс. чалавек да 36,1 тыс. чалавек. Знікла шмат нямецкіх кампактных паселішчаў на Беларусі.
Мадэрнізацыйныя праекты ў адносінах да этнічных меншасцей Беларусі расійскіх улад былі непаслядоўнымі і мелі незакончаны характар. З аднаго боку, палітычныя эліты імкнуліся стварыць умовы для інтэграцыі гэтых груп у імперскае грамадства, а з другога — працягваліся працэсы ізаляцыі і кансервацыі сацыяльных мадэлей ва ўласных палітычных мэтах. Такая непаслядоўнасць і нерашучасць улад у адносінах да сацыяльнай трансфармацыі этнічных меншасцей упершыню была пераадолена толькі ў межах БССР у працэсе рэалізацыі праграмы «беларусізацыі».
Улады БССР разглядалі этнічныя меншасці як адзіны сацыякультурны феномен, таму ў адносінах да іх паступова распрацоўвалася адзіная праграма ў межах савецкай нацыянальнай палітыкі.
Перш за ўсё ствараліся нацыянальныя секцыі ў камуністычнай партыі. У 20-я гг. існавалі Літоўскае бюро, Латышскае бюро, Польскае бюро, Яўрэйскае бюро пры ЦК КП(б)Б і яўрэйскія секцыі пры СНК БССР, ствараліся нацыянальныя савецкія арганізацыі на месцах. Згодна з пастановай Прэзідыума ЦВК БССР, прынятай у 1926 г. у месцах кампактнага пасялення этнічных меншасцей, ствараліся нацыянальныя сельскія Саветы. У месцах кампактнага пражывання польскага насельніцтва ў 1920—1930-я гг. існавала больш за сорак такіх нацыянальных польскіх сельсаветаў. Быў створаны Койданаўскі (потым Дзяржынскі) польскі нацыянальны раён. У 20—30я гг. ХХ ст. на Беларусі дзейнічала некалькі ўкраінскіх нацыянальных сельсаветаў. Было створана больш за дзесяць яўрэйскіх нацыянальных местачковых і сельскіх Саветаў.
У пачатку 30-х гг. узніклі нацыянальныя татарскія кааператывы (у далейшым калгасы) у Смілавічах («Прафінтэрн») і ў Мінску («Чырвоны агароднік»). У 1927 г. быў арганізаваны першы ў СССР цыганскі калгас «Новае жыццё», які паклаў пачатак аседласці цыган. Другі калгас існаваў у Жлобінскім раёне. У месцах кампактнага пражывання латышоў у Быхаўскім, Лёзненскім, Глускім, Клімавіцкім і Ушацкім раёнах былі ўтвораны нацыянальныя латышскія сельсаветы і калгасы.
У 20-я гг. ХХ ст. у БССР налічвалася каля пяцідзесяці асобных літоўскіх паселішч. Таксама дзейнічалі два нямецкіх сельскіх Савета: у Нараўлянскім і Каралінскім раёнах Гомельскай вобласці. Вялікае значэнне надавалася стварэнню сістэмы масавай адукацыі этнічных меншасцей на роднай мове і арганізацыі падрыхтоўкі ўласных настаўніцкіх і прафесійных кадраў. Пры Народным камісарыяце асветы БССР ствараліся нацыянальныя секцыі, якія распрацоўвалі ўласныя адукацыйныя праекты: польбюро, яўрэйскае бюро, латышская і літоўская секцыі. Настаўнікаў для польскіх школ рэспублікі рыхтавала польскае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. У Койданаўскім нацыянальным польскім раёне працавала два польскіх прафтэхвучылішчы.
Для падрыхтоўкі нацыянальных яўрэйскіх кадраў былі адчынены яўрэйскія секцыі пры БДУ, педагагічных і настаўніцкіх інстытутах. Былі заснаваны тры яўрэйскіх педагагічных тэхнікумы (у Мінску, Гомелі і Віцебску), працаваў Мінскі настаўніцкі інстытут нацыянальных меншасцей, яўрэйскія аддзяленні на педфаку БДУ і Магілёўскім тэхнікуме палітычнай асветы, у саўпартшколе і сельгаспадарчым тэхнікуме.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Мінску татарам была выдзелена школа, атрымаўшая назву «татарская» (гэта была сямігадовая школа № 26 на вуліцы Вызвалення), у якой да 1921 г. выкладалася татарская мова.
У месцах кампактнага пражывання латышоў і літоўцаў таксама працавалі нацыянальныя школы і хатычытальні.
Для эфектыўнай інтэграцыі этнічных меншасцей у беларускае грамадства вялікае значэнне мела развіццё ўласнай прафесійнай культуры. Кіраўніцтва БССР падчас «беларусізацыі» стварала добрыя ўмовы для яе развіцця. На тэрыторыі БССР падчас «беларусізацыі» актывізавалася нацыянальнае культурнае супрацоўніцтва палякаў з беларусамі. Выходзілі польскамоўныя газеты, існавала Польскае аддзяленне Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў, якое ўзначальваў Уладзімір Кавальскі. У 1929 г. з удзельнікаў тэатральнага гуртка польскай моладзі пры клубе імя Р. Люксембург быў створаны Польскі дзяржаўны вандроўны тэатр, які гастраляваў па рэгіёнах рассялення палякаў. Яго асноўная сцэна знаходзілася ў Мінску ў будынку касцёла св. Сымона і Алены. У ліпені 1932 г. тэатр стаў Дзяржаўным польскім тэатрам БССР, аднак ужо ў 1935 г. быў расфарміраваны. У 1928—1932 гг. на аснове паўночнага дыялекту была аформлена цыганская пісьменнасць, пачалі выходзіць кнігі і часопісы.
Канец 20-х — першая палова 30-х гг. сталі перыядам росквіту яўрэйскай культуры БССР. У 1926 г. быў заснаваны Дзяржаўны яўрэйскі тэатр БССР (БелГОСЕТ), які ўзначаліў М. Рафальскі. Яго першымі артыстамі сталі выпускнікі яўрэйскага сектара Беларускай драматычнай студыі ў Маскве. Тэатр знаходзіўся ў будынку былой Мінскай харальнай сінагогі, які зараз належыць Рускаму драматычнаму тэатру. У 1949 г. яўрэйскі тэтр быў зачынены. У Мінску існавала гарадская яўрэйская бібліятэка імя І. Л. Переца, якая была зачынена ў 1938 г. Яе фонды былі перададзены Беларускай дзяржаўнай бібліятэцы імя У. І. Леніна, дзе быў створаны яўрэйскі аддзел (каля сарака тысяч кніг). У гэты перыяд у БССР актыўна развіваўся яўрэйскі друк. Выдаваліся часопісы «Штэрн» (Зорка), «Дер юнгер арбетер» (Малады рабочы), штодзённая газета «Кастрычнік» і піянерская газета «Дер юнгер ленінец» (Малады ленінец) на яўрэйскай мове (ідыш). Пры Саюзе пісьменнікаў БССР працавала яўрэйская секцыя. Яна налічвала больш за сорак пісьменнікаў. У 1931 г. у Мінску адбылася сусветная канферэнцыя яўрэйскіх пісьменнікаў. Аднак з другой паловы 30-х гг. працэсы развіцця яўрэйская культуры на Беларусі былі згорнуты.
У 20—30-я гг. ХХ ст. працэс актывізацыі татарскай меншасці стрымліваўся. На думку даследчыка І. Канапацкага, гэта адбылося з-за недахопу ў дзяржаўных органах БССР сродкаў і вялікай колькасці сярод татараў выхадцаў з дваранскага стану, да якіх ставіліся з падазрэннем [5, с. 41]. Усё ж у 1928 г. у Мінску была адчынена татарская хата-чытальня. У якасці нацыянальнага татарскага культурнага цэнтра яна праіснавала да 1929 г., а пасля была ператворана ў раённую і пазбаўлена нацыянальнага статуса.
Культурна-асветніцкай працай кіравала Латышская секцыя Народнага камісарыята асветы БССР. На латышскай мове друкавалася літаратура, існавалі спецыяльныя перадачы на радыё. Актыўна здзяйсняліся культурна-асветніцкія праграмы літоўцаў Беларусі. Дзесяць гадоў (1927—1937 гг.) выдавалася газета «Raundonasis Artojas» (Чырвоны араты). На літоўскай мове выходзілі радыёперадачы.
Пры Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў (з 1932 г. СП БССР) з 1928 г. існавала літоўская секцыя. Пры Белдзяржвыдавецтве ў 1932 г. быў утвораны літоўскі сектар. Значная роля ў працэсе эмансіпацыі этнічных меншасцей БССР надавалася стварэнню ўласных навуковых устаноў і арганізацыі нацыянальнай гісторыі і культуры. Цэнтрам такіх устаноў і даследчыцкіх праектаў стаў Інбелкульт. Пры ім з 1922 г. працаваў польскі сектар, які займаўся вывучэннем матэрыяльнай і духоўнай культуры палякаў у БССР. Этнаграфічная камісія гэтага сектара правяла некалькі экспедыцый па месцах кампактнага рассялення палякаў.
Пры Інбелкульце з 1927 г. (пазней пры АН БССР) таксама працавала Латышская камісія (з 1929 г. латышскі сектар АН БССР, з 1933 г. — латышская секцыя Інстытута нацменшасцей АН БССР), якая вывучала гісторыю і культуру латышоў. Падчас сталінскіх рэпрэсій 30—40-х гг. ХХ ст. большасць культурна-асветніцкіх і навуковых праграм латышоў была згорнута. У 1922 г. пры Інбелкульце была адчынена кафедра гісторыі Літвы (з 1929 г. — літоўскі сектар АН БССР, з 1933 г. — літоўская секцыя Інстытута нацменшасцей АН БССР).
У 1922 г. быў створаны яўрэйскі аддзел Інбелкульта. З 1925 г. у яго склад уваходзіла чатыры камісіі. У 1928 г. яўрэйскі аддзел быў трансфарміраваны ў сектар пры АН БССР. Пры ім выдаваўся навуковы часопіс «Цайтшрыфт» (Штогоднік), у якім друкаваліся даследаванні супрацоўнікаў сектара. У 1932 г. на базе яўрэйскага сектара Інбелкульта быў заснаваны Інстытут яўрэйскай пралетарскай культуры пры АН БССР. У ім дзейнічала пяць камісій: лінгвістычная, гістарычная, літаратурная, сацыяльна-эканамічная і антырэлігійная. Усярэдзіне 1935 г. інстытуты і сектары, якія даследавалі гісторыю і культуру нацыянальных меншасцей на тэрыторыі Беларусі, былі аб’яднаны ў Інстытут нацыянальных меншасцей. Аднак ужо ў маі 1937 г. ён быў ліквідаваны.
Такім чынам, можна з упэўненасцю гаварыць аб стварэнні і рэалізацыі савецкімі ўладамі БССР праекта мадэрнізацыі сацыяльных структур этнічных меншасцей і арганізацыі ўмоў для іх інтэграцыі ў беларускае грамадства. Аднак змена палітычнага курса на рубяжы 20—30-х гг.
ХХ ст. не дазволіла завяршыць гэты праект. Большасць праграм была спынена. Тым не менш вопыт комплекснай сацыяльна-культурнай і эканамічнай мадэрнізацыі, які быў назапашаны савецкімі ўладамі БССР, да сённяшняга часу застаецца актуальным, асабліва ва ўмовах нарастаючай ва ўсім свеце міжэтнічнай напружанасці.
ЛІТАРАТУРА
1. Mironowich, E. Zmiana struktury narodowościowej na pograniczu polsko-białoruskim w XX w. / E. Mironowich, S. Tokć, R. Radzik. Bałystok, 2005.
2. Гарбацкі, А. А. Стараабрадніцтва на Беларусі ў канцы XVII — пачатку XX ст. / А. А. Гарбацкі. Брэст: Выд-ва Брэсцкага дзярж. ун-та, 1999.
3. Дубнов, С. Еврейская Польша в эпоху разделов / С. Дубнов // Еврейская старина. 1990. Т. 2; 1911. Т. 2.
4. Западные окраины Российской империи / под ред. А. Миллера. М.: Новое литературное обозрение, 2006.
5. Канапацкі, І. Ях’я Гембіцкі ― лідэр нацыянальнага адраджэння беларускіх татараў / І. Канапацкі //Беларускі гістарычны часопіс. 2005. № 11.
6. Миллер, А. Империя Романовых и национализм / А. Миллер. М.: Новое литературное обозрение, 2006.
7. Тугай, У. В. Латышскі этнас у сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці Беларусі / У. В. Тугай. Мінск: БДПУ, 2003.
bottom of page